Ковенская газета змясціла рэпартаж пра апошняга ў родзе патомнага півавара з паўночнай Літвы.
“Зусім не адчуваецца хмелю, смак – як хімія і вадзічка. Таму ніколі не купляю“, – кажа пра піва найбуйнейшых піваварняў Літвы 75-гадовы півавар Юлюс Сіманайціс (Julius Simonaitis).
Ён жыве ў Янішках (Joniškis), а піва варыць прыязджае ў родныя Кальвялішкі (Kalveliškiаі) за 17 км ад райцэнтра ў паўночнай Літве. Даўняе літоўскае піва Ю. Сіманайціс робіць толькі чатыры разы на год. Хоць даждаў багата пахвалы, ён ніколі ў жыцці за піва сваёй вытворчасці не ўзяў ні цэнта.
“Піва раблю 75 гадоў. Дзесь з шасці гадоў насіў дровы і шмат гадоў дапамагаў рабіць піва бацьку, які быў слынны ў наваколлі сваім ячменным півам. Ён гэтаму рамяству навучыў мяне. Праўда, рабіць піва – гэта не мастацтва. Колькі разоў убачыш – і ўжо умееш”. Ад свайго бацькі Юлюс успадкаваў начынне для піваварэння, дзесяць 50-70-гадовых дубовых бочак, у якія змяшчаецца па 3-6 вёдраў вадкасці. Бацька Юозапас Сіманайціс, які быў кавалём, пакінуў сыну і бочкі, пазначаныя літарамі JS.
Піва Юлюс робіць толькі чатыры разы на год. Першы раз – на Вялікдзень. Пасля яго застаецца і для талакі, якую запрашае, каб ставіць жэрдкі для хмелю. Хмелю Сіманайціс гадуе прыкладна на 100 жэрдак. Ставіць жэрдкі – нялёгкі і доўгі занятак, таму трэба запрашаць талакоўцаў, а якая талака без піва. Потым піва ён варыць улетку для свята сям’і і родзічаў, калі збіраецца больш за 50 чалавек.
“Якое свята без піва, не будзе ніякіх зносінаў! Зрабіў якіясь 20 вёдраў – каля 200 літраў. Тры дні, з’ехаўшыся з усіх куткоў Літвы, п’ем піва, ямо каўбасы і гаворым. У нашым краі ніхто на стол шнапсу не ставіць”.
Трэцяе варэнне піва – для талакі, калі збіраюць хмель. Калі надыходзіць час, збіраюцца шасцёра Юлюсавых сёстраў і брат з родзічамі. Талакоўцы збіраюць каля 10 кг хмелю, іх Сіманайціс сушыць на гарышчы, а потым прэсуе і трымае ў бочцы.
Чацвёртая нагода – Каляды. Гэтага піва хапае да вясны. “Піва трымаецца ў прахалодзе, можа стаяць доўга“, – тлумачыць Сіманайціс.
Даўней амаль усе тут умелі варыць піва, хто не меў начыння – пазычаў. Людзі запрашалі суседа каштаваць піва – каштавалі маладое піва і вырашалі, ці ўжо час у бочкі зліваць.
“Калі піва зарана зальеш, дык з бочкі пена ідзе, а можа і дно бочкі выдзьмуць. Запозна – не будзе моцнасці, – кажа Юлюс, які найчасцей робіць па тры гатункі піва. — Калі зліваць, вызначалі паводле пены: калі, пакратаўшы пену каўшом, яна больш не зацягваецца – час зліваць“.
Пажартаваўшы, што ён спойвае родзічаў, сяброў, Юлюс сур’язнее:
“Я не вялікі аматар піва, мне падабаецца яго рабіць. І п’ем мы вельмі памяркоўна. Даўней людзі бочку ў калодзеж апускалі, трымалі ў прахалодзе, выпівалі жбанок і ішлі працаваць. Цяпер хочуць бочку выпіць і п’юць датуль, дакуль усё не вып’юць”.
Сіманайціс шчыра трымаецца свайго прынцыпу: ён у жыцці не прадаў ані шклянкі піва, хоць яго піва хвалілі ўсе, хто толькі ні каштаваў.
“Сваім півам толькі частую! Трэба па-сяброўску жыць. Для вясковага вяселля зраблю піва, а таго прашу, каб толькі купіў соладу, хмелю, крыху дроў”.
Сіманайціс для свайго піва не выкарыстоўвае ніякай хіміі. Сам робіць солад, гадуе хмель і нават зерне.
“Хадзем у лазню, там ужо рыхтую, бо халодна. Калі раблю піва, даводзіцца тут начаваць, – запрашае ў размешчаную недалёка хаціну півавар. — Шкада, што людзей не засталося. Навокал амаль ніхто ўжо не жыве. Вёскі пусцеюць“.
Савецкія часы, даводзіць Сіманайціс, вельмі сапсавалі вобраз вясковага піва. Асабліва калі піва масава пачалі вырабляць на продаж.
“Казалі, што спекулянты… дзеля горычы клалі нават жабу, а дзеля моцнасці – шыфер ці нават дуст”.
“Але і сучаснае піва не падабаецца. Зусім не адчуваецца горычы. Нейкая хімічная вадзічка. Мне падабаецца гусцейшае піва, павінен адчувацца хмель”.
Півавар упэўнены, што на смак піва вялікі ўплыў робіць вада:
“Часам рабіў піва у сястры ў Янішкелях, дык выходзіць інакш. Нават сын заўважае, калі прывожу яму, – хітае галавой і кажа, што ўжо не маё піва, бо не тая калодзежная вада”.
Па словах Сіманайціса, для піва трэба не толькі добрай вады, але і не шкадаваць хмелю. У бочку ён кладзе і мядовыя соты (улетку Юлюс гадуе пчолаў). Тады напой набывае яшчэ лепшы смак.
Запрашаючы частавацца вясковым салам, Сіманайціс апавядае пра бацьку, які ў часы незалежнай Літвы атрымаў 4 га зямлі і пабудаваў хату, пазней – кузню, якая потым зрабілася лазняй. Вясёлы і энергічны стары півавар робіцца сумным толькі на імгненне, калі мы спыталі, хто пяройме яго і яго бацькі традыцыю рабіць піва.
“Бадай, гэтая традыцыя памрэ, – выдыхае Юлюс Сіманайціс. – Абодва мае сыны жывуць у Вільні і піва не робяць. А я памру тут, дзе пахаваныя бацькі, дзе ходзяць на могілкі і мае сёстры, дзе маю 30 сем’яў пчолаў. Шкада, што піва ўжо ніхто не будзе рабіць. А гэта ж зусім няцяжка“.